Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Кастрычнік

У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.
Кастрычнік ходзіць па краю і гоніць птушак з гаю.
Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць.
Кастрычнік зямлю беліць, а лес дык залоціць.

 

Кастрычнік – дзясяты месяц года. Стараславянскія назвы яго – листапад, риень, паздерник, брудень; у сербаў – паздзернік, у палякаў – pazdziernik, ва ўкраінцаў – жовтень. Беларускае найменне месяца паходзіць ад слова "кастрыца": у гэты час сяляне трапалі, часалі лён і каноплі, з якіх ападала шмат кастрыцы. У рымлян оctober (такая ж аснова ў нямецкай, французскай, англійскай, рускай мовах) быў прысвечаны богу вайны Марсу. У 15-ы дзень месяца прыносілі ў ахвяру каня, які вылучаўся на папярэдніх скачках. Другога кастрычніка святкавалі Медэтрыналіі ў гонар багіні медыцыны Медэтрыны. Кожны рымлянін гатаваў сабе багаты стол і стараўся як магла больш наесціся і напіцца, бо гэта нібы перасцерагала яго ў будучым ад розных хвароб. Старажытныя грэкі ўшаноўвалі бога вінаробства Бахуса (Дыяніса). Свята было вельмі вясёлым і свабодным: у ім нароўні з вольнымі грэкамі, прымалі ўдзел і рабы. Адмысловы хор пры музыцы і скоках спяваў так званы дыфірамб – асаблівую песню ў гонар Бахуса, дзе адлюстроўваліся сумныя і радасныя падзеі з жыцця бога.
Кастрычнік – сярэдні месяц восені, характарызуецца зменлівым надвор`ем: бываюць густыя туманы, слата, частыя замаразкі, а часам выпадае і снег. Дрэвы стаяць аголеныя, птушкі адляцелі ў вырай. Наступае пара для садаводаў: пасадка дрэў і ягаднікаў, абмазванне ствалоў глінай і вапнай, іх ацяпленне. Народны каляндар месяцы небагаты. Яго асноўнае свята – Пакровы. У скарбніцы сялянскай мудрасці маюцца прыкметы, па якіх вызначаецца надвор`е як на бліжэйшыя дні, так і на вялікі тэрмін – зіму і вясну.

9/26. Іван Багаслоў (Багуслаў). Гэты дзень – мяжа ўсім клопатам дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае благаславенне на спакой да самае вясны. Няўпраўнасць гаспадара дакаралася ў народзе: "Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова". Галоўнай жа прыкметай дня быў пачатак восеньскіх вяселляў – свацці і жаніхі дамаўляліся пра дзяўчат на выданні, што гучыць у прыказцы: "Іван Багуслаў дружкі разаслаў".

14/1. Пакровы (Пакроў, Трэцяя Прачыстая). Народнае свята глыбокай восені, пасля яго пачынаецца зіма. Свята не вызначаецца абрадамі. Сяляне стараліся закончыць палявыя работы, усебакова падрыхтавацца да зімы. Пра гэты дзень вядома шмат прымавак: "Прыйшла Пакрова, пытае, ці да зімы гатова", "Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыдні", "На Пакроў мароз – сей пад кустом авёс". Адбываюцца змены ў прыроде: "Прыйшла Пакрова – усохла дуброва", "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам". Становіцца менш корму жывёле на лугах, і ўжо заканчваюць выганяць кароў на пашу, разлічваюцца з пастухамі: "На Пакрова дай сена карове", "Прыйшла Пакроўка – не дала малака кароўка (гэта значыць, запускаецца), не пакрые зямлю лістом, а пакрые снегам". Пакроў заўсёды чакалі, бо тады было менш работы. Наступала пара асенніх вяселляў. На Брэстчыне дзяўчаты збіралі ў фартух лісце і пасля вытрасалі з прыполу: куды вецер панясе – туды і замуж ісці. Пачыналася пара апрацоўкі льну, аддзялялі валакно ад кастрыцы. Таксама гэта час асенняга набору ў войска. Моладзь збіралася на вячоркі. У народным уяўленні свята атаясамлівалася з дзеясловам "пакрываць". У валачобнай песні спяваецца: "Святы Пакроў пакрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду – лёдам, пчалу – мёдам, дзеўку – вянком ..." (Васілевіч, 1998). Па ўсім адчуваецца, што народнае ўяўленне паходзіць з хрысціянскага свята Пакрова Прасвятой Уладаркі нашай Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі, якое ў Рускай Царкве было ўведзена каля 1164 года. Пакроў Прасвятой Багародзіцы з`явіўся ў 910 годзе ў Канстанцінопалі ў Влахернскай царкве, у якой захавалася Рыза Богамаці, яе галаўны ўбор (мафор) і частка пояса, перанесенага з Палесціны ў V ст. 1 кастрычніка ў час начнога малення адбыўся цуд з`яўлення ў паветры Прасвятой Уладаркі, акружанай анёламі і святымі, якая, зняўшы з галавы пакрывала, пакрыла ім людзей, абараняючы іх ад ворогаў. "Святы Пакроў пакрые людзей ад грахоў".


таксама глядзіце на сайце філалагічнага факультэта

 

2006--2014 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ