Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Снежань

Снежань зіму пачынае, а год канчае.
Снежань сцюжны з зімою дружны.
Снежань вока снегам цешыць, ды марозам вуха рве.
Сухі снежань – сухая вясна, сухое лета.

 

 

Першы месяц зімы і апошні каляндарнага года атрымаў назву снежань ад слова "снег". Старабеларускае найменне яго – прасінець (у значэнні "прасвет у воблаках"), старарускае – студеный. Рускі декабрь, англійскі December паходзіць ад лацінскага december (дзесяты – у старажытнарымскім календары).
Здавён у гэтым месяцы асноўная праца сялян пераходзіла ў хату. Доўгімі зімовымі вечарамі гарэла лучына ў пасвеце ці на лучніку. Мужчыны займаліся дробным рамяством, рамонтам. Жанчыны ж пасля сядзення за грэбенем ці прасніцаю браліся ткаць кросны. Раней яны стаялі амаль у кожнай хаце. Добра быў развіты прагноз надвор`я, стан будучай вясны па зімовых прыкметах. Народныя веды замацоўваліся ў трапным прыказках і прымаўках. Снежань жыў чаканнем калядных свят.


4/21. Увядзенне (Вадзенне, Уводзіны). Звязана з хрысціянскім святкаваннем Увядзення ў храм Прасвятой Уладаркі нашай Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі. Бяздзетныя бацькі Іаакім і Ганна паабяцалі, што ў выпадку нараджэння ў іх дзіцяці, прысвецяць яго на служэнне Богу. І вось у гэты дзень трохгадовая Прыснадзева пры запаленых свечках падымаецца па пятнаццаці прыступках храма і першасвятар уводзіць яе ў Святыя Святых. Для хрысціян гэтае свята – сімвал увядзення грэшнага свету ў храм, без якога ён загіне, пачатак уратавання. У народзе назва прысвятка звязана са словам "вядзенне". Кажуць: "Увядзенне, што свят навядзе", "Увядзенне прыйшло – зіму прывяло."

9/26. Юр`е Зімовы (Юр`еў дзень, Ягорый). У царкоўным календары – Асвячэнне храма Велікапакутніка Георгія ў Кіеве. На Юр`е зіма ўбіраецца ў поўную сілу. Аб гэтым сведчаць прыказкі і прыкметы: "Юры мосціць, а Мікола гвоздзіць", "Колькі на асенняга Юр`я снегу, столькі на вясенняга – травы". Юрый лічыўся апекуном свойскай і лясной жывёлы. У гэты дзень ён нібы выпускаў ваўкоў аж да вясенняга Юр`я. Гаспадары аглядалі кароў, коней. Больш не выганялі на пашу кароў, бо: "Юрэй ужэ дае ваўкам слабоду". Вядома гістарычная прыказка: "Вось табе, бабуля, і Юр`еў дзень". Ад Юр`я сялянам не дазвалялася пераходзіць на службу ад аднаго пана да другога.

13/30. Андросы (Андрос, Андрэй, Андрэйкі). Дзявочае свята. Народная традыцыя амаль нічым не звязана з хрысціянскім праслаўленнем апостала Андрэя Першазванага. Гэта адзін з 12 вучняў Хрыста, брат апостала Пятра. Пасля зыходжання Святога Духа апостал Андрэй з Віфсаіды прапаведаваў у І стагоддзі Евангелле ў розных краінах, у тым ліку і на славянскіх землях. Празваны Першазваным таму, што першы быў прызваны Хрыстом на апостальскае служэнне. Беларуская народная традыцыя захавала нямала абрадаў, гульняў, прыкмет і, асабліва, варожбаў на гэты дзень. Дзяўчаты варажылі так, як і перад Новым годам: на бліны, крычалі ў калодзеж і абсявалі яго каноплямі, бегалі пад суседскія вокны пачуць, пра што гавораць у хаце, і інш.

19/6. Мікола Зімовы (Міколы, Мікольшчына). Багата адлюстраваны ў прымаўках: "Без Міколы не бывае ні зімы, ні лета", "Хвалі зіму на Міколе", "Да Міколы няма зімы ніколі". Як і многія святы і прысвяткі ў гонар гістарычных асоб, і гэты дзень, што прызначаны свяціцелю Мікалаю, архіепіскапу Мір Лікійскіх, цудатворцу, сваім зместам не адлюстроўвае ні біяграфію, ні жыццёвых подзвігаў гэтага вядомага не толькі ў хрысціянскім свеце чалавека, які жыў у другой палове ІІІ стагоддзя ў Малой Азіі.

Адвент. Тры тыдні перад Раством. Каталіцкае свята непарочнага зачацця Божай Маці. Хрысціянская царква разглядае Адвент як час духоўнай падрыхтоўкі да святкавання Нараджэння Хрыстова, якое заключаецца ў посце і пакаянні.

22/9. Ганны (Ганкі, Ганна). Прысвятак, ад якога да Каляд застаецца роўна два тыдні. Яшчэ фалькларыст М. Нікіфароўскі заўважаў: "Па зіме і лета", – звычайна гавораць пра летняе надвор`е, калі параўноўваюць яго з перажытым зімовым. Гэтае параўнанне ідзе ад зімовае Ганны і ад дня павароту сонца на зіму (22 чэрвеня), што адбываецца за 20 дзён да Пятра". Гэты прыкметны ў годзе дзень (з астранамічнага пункту погляду – 21–22 снежня з`яўляецца днём зімовага сонцастаяння, на што вялікую ўвагу звярталі яшчэ язычнікі) прысвечаны шанаванню праведнай Анны, маці Багародзіцы. Католікі прысвячаюць гэтай падзей 26 ліпеня, дзень блізкі да летняга раўнадзенства.

24/11. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студзеня). Дзяўчаты варажылі, ці хутка выйдуць замуж. Насілі з песнямі "звязду". Бытавалі прыказкі і прымаўкі звычайна тыя ж, што і ў праваслаўных: "Прыйшлі Калядкі, гаспадарам парадкі", "Калядкі – добрыя святкі: бліны ды аладкі", "На Каляды ясна – ясна й на Пятры".

25/12. Раство каталіцкае (Каляды).

31/18. Багатая (Шчодрая) куцця (гл. 13 студзеня). Новы год. У самы апошні дзень года наглядалі за прыродай, надвор`ем: якое надвор`е перад Новым годам – такое будзе й перад Пятром; светлае неба – на багатую Куццю, вясёлы год; калі перад Васілём (1 студзеня) снег – чакаецца добры ўраджай.


таксама глядзіце на сайце філалагічнага факультэта

2006--2014 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ