Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Май

Май зямлю грэе, а сіверам вее.
Май – валам дай, а сам на печ ўцякай.
Май халодны – год галодны.
Дождж у маі – хлеб будзе і на гультая.



Сучаснай беларускай літаратурнай назве месяца май адпавядае старажытнабеларуская травень, якая паходзіць ад слова "трава", бо ў гэтым пятым месяцы года зямля пакрываецца зеленню. Такое найменне захавалася не толькі ў старажытных пісьмовых крыніцах, але і ў вуснай народнай творчасці. Май – адзіная ў нас назва, узятая з лацінскай мовы. Тая ж лацінская аснова таксама ў нямецкай і французскай мовах – Mai, англійскай – May, польскай – maj, венгерскай – majus, рускай – май і інш. Рымляне прысвяцілі месяц багіні зямлі Маі. У канцы красавіка і пачатку мая яны адзначалі вясёлае свята Фларэлія ў гонар багіні кветак Флоры. У прыватнасці, у першы дзень апошняга месяца вясны быў звычай садзіць дрэва, што называлі "маем".
У славян, у тым ліку беларусаў, захаваліся абрады з "маем" на Сёмуху. Падобны ў нас і старажытных рымлян і абрад ушанавання памяці нябожчыкаў. У рымлян ён выконваўся 9 мая. Католікі прысвячаюць май Божай Маці – Марыі. Штодня ў касцёлах адбываецца так званае маёвае набажэнства. Фігура Багародзіцы ўсюды, дзе яна ўстаноўлена, упрыгожваецца.

6/23. Георгій (Юр`я, Юрай, Ягор`я). У ліку іншых веснавых дзён гэта свята больш, чым якое іншае, прэтэндуе на сапраўдны пачатак вясны. Менавіта з Юр`я, як лічылі амаль паўсюдна, пачынае кукаваць зязюля. На Юр`я сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае зарунелыя палеткі ("Калі прыйдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры"). З Юр`ем звязваўся, як правіла, і першы выпас жывёлы (запасаў для яе павінна было хапіць як мінімум да гэтага дня – "На Юр`я – каб сена было і ў дурня"). Дбайны гаспадар не прапускаў без увагі стан надвор`я і рабіў для сябе пэўныя высновы: "Калі на Ягор`я мароз – будзе добры авёс". Снег на Юр`я падаваў надзею, што ўлетку пабялеюць палі ад удалай, ураджайнай грэчкі (і наадварот): "Як на Юр`я пагода, то на грэчку няўрода". Густы юр`еўскі дождж упэўніваў селяніна, што вырасце густое вялікае жыта. Жыватворная юр`еўская раса таксама абяцала прыбытак: "Калі будзе раса – хопіць коням аўса". Галоўнай адказнасцю, якой народ надзяліў святога Юр`я, было апякунства хатняй жывёлы і гаспадаркі. Адначасова Юр`я называлі і валадаром ваўкоў. У народзе ўяўлялі, што ён едзе на белым кані і замыкае пашчы дзікім звярам, пасля чаго тыя менш нападаюць на скаціну. Статак стараліся выгнаць зарань, на цудадзейную расу – яна павінна забяспечыць вялікі дастатак малака. За лепшае лічылі, калі запасванне супадае з поўняю ("каб усяго было поўна"). Перад выганам жывёлы гаспадар тройчы абыходзіў яе з запаленай грамнічнай свечкай і апырскваў свянцонаю вадою. Абкурвалі жывёлу падпаленымі купальскімі зёлкамі, якія захоўваліся ў кожнай хаце. Выганялі скаціну з хлява, пасцёбваючы асвячонымі на Вербніцу галінкамі вярбы, затым яе ўтыкалі ў хляве ад злых духаў. На парозе хлява перад жывёлай клалі розныя сімвалічныя прадметы: курынае яйка – нібыта затым, каб замкнуць ім ваўку пашчу і каб каровы былі круглыя і поўныя, а калі яйка заставалася цэлае пасля праходу жывёлы, спадзяваліся, што і жывёла сёлета будзе цэлая; замкнуты замок пад нагамі худобы – як ахоўны сродак ад ваўкоў ("Няхай так замкнецца яго пашча на ўсё лета"); ніты ад кроснаў – ад укусу змяі ("Як гадзюка ніты не разбярэ, так ад кароўкі малака не адбярэ"); сякеру – каб абараніць ёю гавяду ад "нячыснай сілы" і чарадзеяў, пояс ці жменю выцягнутай са страхі саломы – каб скаціна не адыходзіла ад дому; бязмен – каб жывёла павялічвалася ў вазе. Запасванне на Юр`я станавілася і святам пастухоў – для іх гаспадары рыхтавалі добрыя закускі, а тыя ўжо на пашы ладзілі пачастунак. У першы дзень пастухі не павінны былі рабіць ніякіх пазык, не бралі яны ў поле агню, нажа (вастрыць яго, першы раз на вясну гонячы статак, значыла б, завастрыць ваўку зубы). Не забываў селянін на Юр`я і пра сваю ніву. Ён выходзіў на яе з загорнутым у абрус караваем, спечаным напярэдадні, – увасабленнем леташняга ўраджаю – абыходзіў палеткі, клаў хлеб у рунь, і калі ён хаваўся ў жыце, казалі, што ў гэтым годзе яно будзе ўдалае. Выносілі ў поле косткі, што захаваліся ад велікоднага стала, і закопвалі па канцах поля. Асвячоная вербачка ўторквалася ў зямлю з вераю, што гэтым самым удасца абараніць ніву ад граду. На полі частаваліся, спявалі юраўскія песні.

Ушэсце (Ушэснік, Шоснік) – дзень агляду жыта; чацвер на шостым тыдні пасля Пасхі, саракавы дзень. Згодна з беларускім павер`ем, на Ушэсце з зямлі выходзяць прасушыцца скарбы, але іх ніхто не бачыць. У многіх раёнах святкаваўся як апошні дзень вясны. А на Усходнім Палессі выконвалі абрад "ваджэння і пахавання стралы". Вадзілі веснавыя карагоды, "танок" у полі або абыходзілі вакол вёскі. Гулялі па жыце, закопвалі ў глебу "стралу" (пярсцёнкі, грошы і інш.), каб задобрыць палявога духа на добры ўраджай. Узнясенне Гасподне з`яўляецца двунадзесятым, гэта значыць у ліку 12 царкоўных гадавых святаў. На 40-ы дзень пасля Пасхі Ісус Хрыстос "узняўся на неба" да Бацькі, каб падрыхтаваць месца для людзей.

Сёмушныя (Траецкія, Сярэднія) Дзяды – пятніца перад Сёмухай.

Духавая субота (Стаўрускія Дзяды, Стаўроўскія Дзяды, Сёмуха) – Дзяды ў суботу перад Сёмухай, Тройцай. Звычай памінання продкаў ў гэты час з`яўляецца язычніцкім, пра гэта сведчыць паданне аб адзначэнні Стаўроўскіх дзядоў і іншыя фальклорныя матэрыялы.

Зялёная (Кляновая) субота (Зелянец, Май, Зялёныя святкі) – свята маладой зеляніны перад Сёмухай. Варажылі пра надвор`е. Асвячалі травы, абкурвалі хаты, жывёлу, каб не баялася перуноў. Увага да зеляніны, а яна з`яўляецца дамінуючай, несумненна, з'яўляецца язычніцкай традыцыяй. Асвячэнне кветак і зёлак, упрыгожванне "маем" будынкаў і памяшканняў, пляценне і нашэнне вянкоў, дзявочая варажба і іншыя абрадавыя рытуалы, "завіванне бярозак" падчас "кумлення" і абрадавай ежы, прысутнасць расліннай тэматыкі ў абрадавых песнях – гэта сведчанні анімістычных уяўленняў нашых продкаў, што ідуць яшчэ з дахрысціянскай пары. Вядомы прымаўкі: "На Святога духа не скідай кажуха", "На Духа будзець цёпла і суха". У гэты дзень садзілі капусту, каноплі.

Сёмуха (Сямік, Тройца, Клечанне) – язычніцкае свята, у якім праглядаецца культ продкаў і расліннасці, прымеркаванае пазней царквою да хрысціянскай Пяцідзесятніцы (50-ы дзень пасля Пасхі). Упрыгожвалі "маем" будынкі. Дзяўчаты хадзілі ў лес "завіваць" бярозкі, плясці вянкі, есці абрадавую страву (яйкі). У некаторых раёнах Палесся называлі гэтае свята Клечаннем, відаць, таму, што галінкамі клёна ўпрыгожвалі хаты.

Дзень святой Тройцы, Пяцідзесятніца – вялікае царкоўнае свята. Уваходзіць у лік асноўных дванаццаці ("двунадзесятых"), прысвечана памяці аб дараванні Богам Маісею дзесяці запаведзяў, аб спасланні Святога Духа на апосталаў, якія панеслі сведчанне пра ўваскросшага Хрыста. Гэты момант лічыцца нараджэннем царквы, што прызнае трыадзінства, Святую Троіцу: Бог-бацька, Бог-сын і Святы Дух. Не складзе цяжкасці заўважыць, што сёмушныя традыцыі маюць дахрысціянскае паходжанне, бо не выяўляюць падабенства зместу з хрысціянскай Тройцай, хаця і ўзнікла яна як свята даволі рана – у 381 годзе, калі на царкоўным саборы ў Канстанцінопалі была прынята ў якасці асноўнага элемента сімвала веры. Найбольшае распаўсюджанне атрымала на нашых землях яшчэ праз стагоддзе, калі была ўключана Сергіем Раданежскім у "рухомы" праваслаўны каляндар і ўдала злілася з сёмушнымі абрадамі і звычаямі.

Пачатак Русальнага (Граннага, Крывога, Праводнага, Клячальнага, Траецкага, Духавага) тыдня (Русальніца, Брэзжыны, Іван-ды-Мар`я, Духаў дзень) – наступны тыдзень пасля Сёмухі; дні праводзін вясны. Ушаноўваўся культ расліннасці і продкаў. Звычайна на другі дзень Сёмухі на Піншчыне некалі наладжвалі свята Куста, або вадзілі "куста". "Апраналі" дзяўчыну ў зялёныя галінкі дрэў і вялі па вёсцы з песнямі. Абрады і песні былі скіраваны на садзейнічанне ўрадлівасці зямлі і лепшай долі чалавека. Ва Усходнім Палессі выконвалі "праводзіны русалкі ў жыта".

Панядзелак Святога Духа – дзень пасля Пяцідзесятніцы, царкоўнае свята Святога Духа, які, згодна з біблейскімі ўяўленнямі, праяўляецца ў людзях, асвячаючы іх, а гэта і з`яўляецца галоўнай мэтай стварэння і выратавання свету.


таксама глядзіце на сайце філалагічнага факультэта

2006--2014 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ