Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Жнівень

Кожная хата ў жніўні багата.
Прыдатны красавік цяплом, а жнівень дабром.
Жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця досыць.
Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае.
У жніўні і верабей піва варыць.

Сучасная беларуская назва восьмага месяца года жнівень, таксама як і старабеларускія серпень, зарев, адлюстроўвае прыродныя асаблівасці пары. Дарэчы, найменне серпень захавалася ва ўкраінцаў, чэхаў (srpen), палякаў (sierpień), іншых народаў. Рымляне называлі гэты месяц sehstylis, што значыць шосты (год пачынаўся тады вясною). Пазней рымскі сенат перайменаваў яго ў гонар імператара Актавіяна Аўгуста. Секстыліс налічваў 29 дзён, а аўгустус стаў мець 31. Заканадаўчы орган, аднолькава паважаючы Юліяна Цэзара і Актавіяна Аўгуста, зрабіў і аднолькава доўгімі месяцы, якія стаяць побач у годзе. Класічная назва месяца захавалася ў многіх заходнееўрапейскіх мовах, а таксама і ў рускай.
Жнівень дае знаць, што заканчваецца лета і набліжаецца восень. Ночы становяцца халаднейшымі, даўжэйшымі і цямнейшымі. Раніцай з’яўляюцца туманы. Яшчэ ў пачатку месяца заканчваецца ўборка азімых, затым убіраюцца пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, проса, лён-даўгунец, скараспелая бульба, іншая гародніна і садавіна. Людзі карыстаюцца і багатымі дарамі лесу. Таксама вядзецца сяўба азімых, касавіца атавы.


2/20. Ілля (Галляш). Апякун земляробства і абаронца ад нячыстай сілы,  які ўвабраў у сябе рысы язычніцкага бога Перуна. Свята дажджоў і навальніц. Успрымацца як канец лета і пачатак восені: “Прыйшоў Пятрок – сарваў лісток, прыйшоў Ілля – сарваў два”, “Ілля нарабіў гнілля”, “На Іллю да абеда лета, а пасля абеда восень”, “Ілля ваюе з чартамі, іх б’е перунамі”, “Ілля пытае, ці гатова ралля, а Успенне, ці гатова насенне”, “На святога Галляша з новых круп каша”. Заканчвалі касавіцу, хадзілі талакою касіць удовам. Праводзілі зажынкі – свята пачатку жніва. Часта ўспамінацца Ілля ў песнях, якія спяваліся на Каляды. Жнівеньскія ліўні з бясконцымі маланкамі празвалі “рабінавымі днямі (начамі)”, якія часцей пачыналіся на Іллю. Існуе павер’е ў народзе аб громе: грыміць таму, што Ілля (Пярун) грукаціць на калясніцы па хмарах і кідае маланкі-стрэлы ў нячыстую сілу, якая можа ператварацца ў розных звяроў, каб выратавацца. У прыродзе, сапраўды, пасля сонцастаяння (Купалы, Пятра) назіраюцца змены надвор’я – як перамога Іллі над Пятром. З гэтымі міфамі, мусіць, і звязана даўняя завядзёнка паляўнічых пачынаць адстрэл звяроў. Народнае ўяўленне, што праяўляецца ў свяце Іллі, цесна звязана з біблейскай гісторыяй аб прароку Іллі, які нарадзіўся ў Фесвіі Галаадскай яшчэ за 900 год да хрысціянства. Ілля (у перакладзе з яўрэйскага “апора Божая”) перад паганскімі жрацамі і ізраільскім народам, які перастаў верыць у Адзінага і ад таго тры гады была засуха, запаліў агнём з неба мокры ахвяравальнік, што не змаглі зрабіць жрацы са сваімі багамі. Пасля гэтага язычнікі ўверавалі ў адзінага Бога, жрацы былі забіты, а народ пасля малітвы прарока атрымаў доўгачаканы і жыццядайны дождж. За гэты і іншыя цуды Ілля па Божай волі ўзляцеў на неба на вогненнай калясніцы. Гэты факт, як мяркуюць даследчыкі, дапамог вобразу атрымаць адпаведныя рысы язычніцкага грамаўніка (не толькі Перуна, але і Зеўса).

14/1. Макавей (Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік, Медзяны Спас). Свята маку і мёду. Праводзілі абрады з макам, ужывалі ў ежу, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Елі пірагі з макам і моркваю. Ведалі: на Макавея трэба ўволю наесціся маку. Варажылі: “Макавею, Макавею, я на цябе канапелькі сею. Скажы мне, Макавею, дзе мая пара, каб я з ім у гэтую ноч канапельку брала”. Пчалаводы правяралі пчол, “макалі ў мёд нажы”. Для збору мёду ўсе апраналіся па-святочнаму. Хаця і частаваліся перад асноўнай падзеяй, але без гарэлкі і закускі з рэзкім пахам. Раней запальвалі дымар “жывым агнём”, выкарыстоўвалі свянцоную ваду. У гэты дзень надавалася вялікая роля і вадзе, праводзілі “вадзяную аправу” – крыжовае шэсце да вадаёма. Існавалі прыкметы: “Як на Юр’я дождж – будзе рыбы многа, а на Макава – будзе многа грыбоў”, “Калі на Макаўе не бывае дажджу, то будзе шмат пажараў”. Свята ўсебакова адлюстравана ў народнай творчасці. У валачобных песнях зазначаецца: калі Ілля “жыта зажынаіць залатым сярпом”, то “Святы Макавей з поля сабіраіць”. Прыказкі сцвярджаюць: “Першы Спас – провады лета”, “Ад Першага Спаса халодныя росы”.

Спасаўка (Спасаўка Ласаўка). Пятнаццацідзённы асенні пост (да 28 жніўня).

15/2. Прачыстая (Першая Прачыстая, Першы святок, Зельная). У каталіцкім календары – Унебаўзяцце (Успенне) Божай Маці (уведзена ў VІІ стагоддзі). Існуе шмат прыказак і прыкмет на гэты дзень: “Прыйшла Прачыста – стала поле чыста”, “Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці”, “Да святка араць – лішнюю капу нажаць”, “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”, “Першы Святок і першы світок”. Свенцяць зёлкі, кветкі, садавіну, збожжа, што лічацца гаючымі і аберагаючымі.

19/6. Яблычны Спас (Спас, Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэдні Спас). Свята садавіны, якую асвячаюць, пасля чаго дазвалялася есці яблыкі, бо яны лічыліся грэшнымі пладамі. Згодна з Бібліяй, змей-спакушальнік праз яблык зрабіў грэшнай Еву. Таму першыя плады неабходна было асвяціць у дзень Пераўтварэння Госпада Бога і Спаса нашага Ісуса Хрыста. Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Усё можна было ўжываць у ежу, аб чым і сцвярджала прыказка: “Спас – усяму час”. Пачыналі сеяць азіміну. Наогул лічыцца, што ўжо скончылася лета: “Першы і Другі Спас – бяры рукавіцы ў запас”. Царкоўнае святкаванне звязана з біблейскімі падзеямі. Ісус Хрыстос збіраўся апошні раз з’явіцца ў Іерусаліме. На гары Фавор яго вучні ўбачылі нечакана пераўтворанага Ісуса (у белым адзенні, асветлены сонцам твар) і пачулі нябесны голас: “Гэта і ёсць Сын Мой Любімы, у Якім мая добрая воля, Яго слухайце”. Значэнне пераўтварэння ў тым, што Хрыстос паказаны не як адзін з роўных апосталаў, а які стаіць над імі.

28/15. Прачыстая (Успенне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Гаспажа, Зялёная, Зельная). Свята ўраджаю і падрыхтоўкі да сяўбы. Асвячалі “бараду” – апошні снапок, зернем якога пасля Прачыстай пачыналі засеўкі, а таксама зёлкі і гародніну. Наладжвалі Свята Свечкі: пераносілі яе з адной хаты ў другую, гасцявалі. На Палессі ўпраўляліся з просам і ў гэты ж дзень варылі з яго кашу. Наглядалі за бусламі, што на зжатых палетках збіраліся ў вырай. Амаль паўсюдна вядомы прыказкі: “Прыйшла Прачыстая – стала поле чыстае”, “Прачыста – сяўба чыста, а касьба не чыста”. Менш распаўсюджаны наступныя: “Гаспажа – хлеба дзяжа”, “Надышло Успенне – цягні бульбу за карэнне”. Як вынікае з фальклорных матэрыялаў, засеўкі, што праводзілі звычайна пасля Прачыстай, з’яўляліся вельмі важным этапам у земляробчым календары беларускага сялянства. Фалькларыстамі мінулага зафіксавана вялікая колькасць звычаяў, абрадаў і павер’яў, што датычаць гэтага моманту, ад якога ў многім залежаў будучы ўраджай. Тут, як і ў іншых вялікіх святах, добра перапляліся старадаўнія язычніцкія і хрысціянскія традыцыі.  Першыя звязаны з такімі магічнымі атрыбутамі як “поўня”, “яйка”, “сякера”, “ахвяраванне зямлі”, “сустрэча”, “чысціня” і інш., што суправаджаюцца рознымі і шматлікімі павер’ямі, другія – з асвечаным зернем, малітвай. Даследчыкі выказваюць думку, што 15 жніўня (па ст. ст.) можна лічыць агульнаславянскім святам ураджаю. Царква прынцыпова наладжвала ў гэты дзень асвячэнне семяннога зерня, без якога нельга было пачынаць сяўбу. Гэтая акалічнасць вельмі паўплывала на народныя традыцыі. Такім чынам, хрысціянская царква адзначыла Дзень смерці – Успенне Прасвятой Уладаркі нашай Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі, душу якой без пакут прыняў у царства нябеснае Гасподзь Ісус.

29/16. Трэці Спас (Малы Спас, Хлебны Спас, Арэхавы Спас). Адно са свят хлеба. Шмат дзе спраўлялі дажынкі – свята канца жніва. Упрыгожвалі стужкамі і кветкамі “бараду”. Ахвяравалі хлеб і соль духу нівы, відаць, Воласу, казлападобнай істоце. “Воласаву бародку” жнеі неслі гаспадару і ставілі ў кут. Зерне і каласкі ўжывалі на працягу ўсяго года ў розных магічных абрадах. Канец жніва і змена надвор’я адлюстраваны ў прыказках: “Трэці Спас хлеба прыпас”, “Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе”.

31/18. Арабінавыя дзень і ноч (Варавіты дзень). Пара, калі бывае “сухая” навальніца або буран цэлую ноч (дзень). У гэты час нічога не рабілі і чакалі з трывогай грому, маланкі і дажджу, засцерагаліся ад няшчасця. Як ужо згадвалася, “рабінавую ноч” яшчэ звязвалі са Спасаўкай.


таксама глядзіце на сайце філалагічнага факультэта

2006--2014 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ