Кніга водгукаў            Сувязь з намі             Навіны
Экспазіцыі
Экскурсіі
Фотагалерэя
Наш летапіс
Дошка гонару і падзякі
Выставы
Нашы праекты
Майстар-класы
Канферэнцыі
Круглы стол
Фалькларысты Беларусі
Кніжная палічка
У дапамогу студэнту
Беларускі народны каляндар
Студзень
Люты
Сакавік
Красавік
Май
Чэрвень
Ліпень
Жнівень
Верасень
Кастрычнік
Лістапад
Снежань
Рэцэпты народнай медыцыны
Беларускі гумар
Са святам!
Беларускі народны каляндар /

Верасень

Халодны верасень, але сыты.
Верасень – з досвіткам дзень.
У верасні і ліст на дрэве не трымаецца.
У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна.
Як настане верасень – гаспадарам поўна гумно і кішэнь.



Вресень, руин, риень, зарев – гэтым старабеларускім найменням дзявятага месяца года адпавядае сучаснае беларускае верасень, што паходзіць ад слова “верас” (менавіта ў гэты час расліна пачынае красаваць). Ва ўкраінскай мове першы месяц восені таксама вересень, у чэшскай – zaři, польскай – wrzesień. У англічан, французаў і немцаў – варыянты рымскага september. Рымскі september меў 29 дзён (адзін дзень дадаў Юлій Цэзар у 46 годзе). Рымляне прысвячалі яго Вулкану, богу агню, і святкавалі Вулканаліі, забіваючы ў ахвяру парася і цяля. У старажытных грэкаў на працягу дзевяці дзён адбываліся “містэрыі”, таемныя культы. У іх прымалі ўдзел толькі пасвячоныя, якія рабілі ахвяры з захаваннем асаблівых абрадаў. Паказваліся ўдзельнікам выявы багоў і знакі-сімвалы, што да гэтага часу старанна ўтойваліся.
Неспрыяльныя ўмовы надвор’я верасня – выпадкі частых дажджоў, ранніх замаразкаў, вялікіх вятроў. Сяляне стараюцца ўбраць бульбу, агародніну і садавіну. Дрэвы мяняюць сваю афарбоўку, каб пазней засвоіць сонечную энергію: чырвонае, карычневае, пунсовае і жоўтае лісце робіць гэта лепш, чым зялёнае. Пасля першых замаразкаў, звычайна тое назіраецца ў сярэдзіне месяца, пачынаецца лістапад. Шматгадовыя назіранні за звялай прыродай і паводзінамі жывёлы адлюстраваны ў мудрых народных прыкметах. Каток-вуркаток вымываецца і сцены шкрабае – на непагадзь, а на спіне качаецца – на добрае надвор’е. Імклівыя павучкі па хованках разбягаюцца – непагадзь наступае. Плятуць свае красёнцы павукі ў паўднёвым напрамку – пацяплее, а ў паўночным – пахаладае. Цецярукі на верхалінах дрэў расселіся – на яснае надвор’е. Воблакі цягнуцца з поўначы на поўдзень – на сонечнае надвор’е, а наадварот – чакай непагадзь. Вераснёўскія перуны абяцаюць цёплую восень. Тлушчам пер’е ў гусей, качак і курэй пакрываецца – халады набліжаюцца. Воблакі нізка сцелюцца – чакай халадоў. Туманы на зямлю прылягаюць – пацяплее хутка. Калі лісты на дрэвах моцна трымаюцца – абавязкова чакай позняй зімы.


11/29. Калінавік (Іван Калінавік, Ян, Галавасек, Іван Крываўнік, Галаварэз). Назва замацавалася ад царкоўнага наймення дня – “Адсячэнне галавы Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподня Іаана”. У народзе ўсталяваліся за ім бытавыя прыкметы і павер’і. Лічылася, што нельга рэзаць, сячы круглае (капуста, бульба і г.д.) і нават есці. Пчаляры “падглядалі” мёд. На Магілёўшчыне прыкмячалі: калі пасеяць у гэты дзень жыта, то будзе ўраджай “умалотны”. На Усходнім Палессі стараліся завяршыць сяўбу абавязкова за дзень, а вечарам дзяўчаты выходзілі віць вянкі, спявалі песні. На Калінавіка збіралі ягады каліны, журавіны выкарыстоўвалі ад боляў галавы. Настаў час руплівай працы ў полі – збору ўраджаю, калі дождж ужо не патрэбен. У народзе гаварылі: “Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й адзін упрашу”. З Калінавіка да Багача, Пакрова (у розных раёнах па-свойму) гэтая пара называлася Бабіна лета – пачатак жаночых сельскагаспадарчых работ. Гавораць:“Ян па лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў”. Пачыналіся сялянскія вяселлі, асабліва пасля Івана Пакроўнага, Пакрова да Піліпаўкі.

Ой, на гарэ ячмень жала,
Снапоў не вязала,
Каго верна любіла,
Праўды не казала.

Бабіна лета. У некаторых раёнах пачатак восені лічыўся пачаткам Бабінага (Бабскага) лета. Прыбіралі агароды, сушылі і апрацоўвалі лён і каноплі. З гэтай назвай асацыіруюцца наступныя паняцці і характарыстыкі: апошняя сонечная цеплыня, лётанне павуціння, асаблівая пара жаночых сельскагаспадарчых работ, кароткае “лета”. Маецца і навуковае тлумачэнне гэтай з’яве як першага асенняга перыяду з устойлівым антыцыклічным надвор’ем, калі начное астыванне глебы і паветра яшчэ не вельмі моцнае, а дзённы прагрэў, хоць і адчувальны, але не такі, каб успрымаўся як спякота. Звычайна такі перыяд пачынаецца пасля асенняга раўнадзенства, 22–23 верасня, і працягваецца адзін-два тыдні. Зямля павароваецца да Сонца паўднёвым паўшар’ем і пасылае развітальнае цяпло на зямлю.

21/8. Багач (Багатнік, Багатуха, Гаспожка Багатая, Малая Прачыста, Другая Багародзіца, Другая Прачыста, Другая Спажа, Другі святок, Нараджэнне Божае Маці, Зельная). Старажытнае свята заканчэння ўборкі зернавых, водгук язычніцкага свята земляробчага культу бога сонца, бога дастатку і багацця. Гэтае бажаство ўшаноўвалася і ў іншыя дні, якія стаяць блізка да асенняга раўнадзенства. У некаторых раёнах лічылася першым днём восені. Гаварылі: “Другі святок – восень, браток”. Цяпер прымеркавана да Ражаства Багародзіцы (у праваслаўных), Дзевы Марыі (у католікаў). Багачом або багацтвам называлі таксама кошык з жытам і свечкаю. Яго на свята насілі ў кожную  хату і адрыну. Зерне ў кошык збіралі з першага зажыначнага снапа, свечку рыхтавалі пад спеў дажынкавых мелодый. Згодна з павер’ямі, багач забяспечваў сям’і дабрабыт і шчасце. Адно з вядучых месц займаў святар у свяце, якое на хрысціянскі манер называлі Святам Свечкі. Падобныя святкаванні праводзілі і ў іншыя дні календара.

27/14. Звіжанне (Уздзвіжанне, Хрыст, Часнэйка). Свята “закрывання” зямлі на зіму, якое звязана з вужамі і мае значэнне “руху”. Лічылася, што сонца і прырода “грае, здзвігаецца”, “іграе і дрыжыць” усімі колерамі. “На Узвіжанне халат з плеч, а кажух на плечы”; “К Звіжанню ўсё далжно быць здзвінута – гэта значыць, увесь хлеб азімы і яравы павінен быць звезены з поля”; “Дзвіжанне – гадзюкі здзвігаюцца ў кучу”. У гэты дзень не хадзілі у лес, бо там нібы гадзюкі і вужы збіраліся ў клубкі, каб схавацца ў норы на зіму. Існуе легенда, што ў цара гадзюк на галаве ёсць залатыя рожкі. Трэба раніцай на Звіжанне ўпільнаваць, калі будзе грэцца на сонцы клубок гадзюк з царом і ўдарыць па ім адзін раз – схапіць рожкі і збегчы. Лічыцца, што такая карона здымае ўсе замкі і запоры. Лоўка ёю карыстацца зладзеям. Загаварвалі кароў ад гадзюкі. Увесь тыдзень (“свістун”) не сеялі, каб не было пустога калосся. Гэты дзень называлі “Часнэйка”, таму што ўпершыню пасля Вялікадня дазвалялася паесці часныку той сям’і, у хаце якой быў нябожчык. У назіраннях за прыродай значная роля адводзіцца птушкам, якія забіралі з сабой лета: “Узвіжанне – апошні воз з поля рушыў, а птушкі ў вырай пацягнуліся”; “Узвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла”. Можна меркаваць аб тым, што ў дахрысціянскі перыяд нашы продкі ў асеннюю пару займаліся магіяй супраць гадзюк, бо нямала слядоў гэтага засталося ў фальклоры. Даследчыкі лічаць, што змяіныя святы славян (яшчэ 7 красавіка) бяруць пачатак з верхняга палеаліту. Зыходзячы з фальклорнага матэрыялу, можна меркаваць, што хрысціянскае значэнне свята беларусам не было зразумела і асацыяцыя са словам “рух” (здвиг) узнікла ў хрысціянскі перыяд. А ён прынёс свята людзям 13 верасня 355 года, калі быў асвечаны ў Канстанцінопалі храм у гонар Уваскрашэння Хрыстова на месцы знішчэння язычніцкага капішча, пад якім былі знойдзены Труна і Крыж Гасподні і ўстаноўлены (“воздвигнуты”) на радасць хрысціян. У наступны дзень і сталі адзначаць свята Устанаўлення Чэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга.


таксама глядзіце на сайце філалагічнага факультэта

2006--2014 © Кабінет-музей беларускай культуры філалагічнага факультэта БДУ