красавік, 2012
09.04–17.04.2012. працавала выстава "Велікодныя яйкі". Падчас яе прэзентацыі д.ф.н. прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры І.В. Казакова, якая з’яўляецца заснавальнікам і навуковым кіраўніком кабінета-музея, расказала пра гісторыю Вялікадня і традыцыі яго святкавання ў розных народаў свету, а таксама пра велікодныя яйкі як галоўны сімвал аднаго з самых вялікіх хрысціянскіх свят. У экспазіцыі былі прадстаўлены экспанаты з фондаў фальклорна-этнаграфічнага кабінета-музея беларускай культуры; драўляныя пісанкі з майстэрні Свята-Елісавецінскага манастыра; экспанаты з уласных калекцый прафесара І.В. Казаковай, выкладчыцы С.В. Шамякінай, члена Садружнасці дзелавых і творчых жанчын Ю.М. Цярэнцьевай; экспанаты з адзінага ў свеце Музея пісанак (знаходзіцца ва Украіне, у горадзе Каламыя); крыжы, выкананыя ў тэхніцы фрывалітэ Ю.М. Цярэнцьевай; кампазіцыя з фетру і акрылу "Кураняткі" (майстар – В.К. Лаўрэнава). Наведвальнікі мелі магчымасць убачыць драўляныя, фарфоравыя, каменныя, керамічныя, шкляныя, васкавыя, папяровыя і іншыя велікодныя яйкі. У экспазіцыі – больш як 100 экспанатаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Кітая, Чэхіі, Германіі, Грэцыі, Егіпта і Галандыі. Госці філфака маглі азнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй кабінета-музея "Праваслаўныя абразы Маці Боскай на Беларусі", а таксама мелі магчымасць убачыць факсімільнае выданне Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1517–1519 гадах. За час працы выставу наведалі звыш 200 чалавек. Сярод іх – студэнты і выкладчыкі з розных факультэтаў БДУ, а таксама жыхары горада Мінска (бацькі і дзеці, школьнікі і пенсіянеры, супрацоўнікі Беларускай чыгункі, гандлёвага дома “На Нямізе” і інш.). Выстава была шырока асвечана ў сродках масавай інфармацыі: тэлеканалы “Беларусь-1”, АНТ, СТБ; радыё “Першы нацыянальны канал”, “Сталіца”, “Беларусь”; газета “Літаратура і мастацтва”; БелТА, партал TUT.BY-ТВ.