Мерапрыемства
18 снежня 2012 г. на філалагічным факультэце адбылося традыцыйнае святочнае мерапрыемства "Мы Калядам заўжды рады!". Кабінет-музей беларускай народнай культуры і фальклорна-этнаграфічны гурт "Багач" віншавалі выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў з Новым годам і Калядамі:
Гэй, Вы хлопцы і дзяўчаты, // Сабірайцеся ля хаты. // Мы патанчым, паспяваем // І гасцей пазабаўляем. // Запрашаем хутка, скора // Ад дэкана да вахцёра!
А што гэта за прыгожы церам? // Філфакаўскі двор! Поўнай працы спор! // Тут кіруе спадар Ян -- // На філфаку шаноўны пан. // Ён наша сонца, што свеціць // Кожнай кафедры ў ваконца. // А побач з ім -- месяца ясны лік, // Павел Іванавіч -- навуковай працы кіраўнік. // Ды з імі разам дзве галоўныя зоркі -- // Спадар Хмяльніцкі і спадар Важнік. // Вось іх у нас колькі! // Разумных, выбітных, прыгожых, маладых! // Шчасця Вам, здароўя, дабрабыту, плёну, // Радасці, усмешак, усім Вам па паклону!
Сумяшчэнне старажытных звычаяў з сучасным жыццём. Традыцыйныя віншаванні і пажаданні, калядкі, шчадроўкі і сучасныя прыпеўкі:
Дзе каза рогам, // Там жыта стогам. // Дзе каза нагой, // Там жыта капой.
Дзе каза рогам, // Там дысертацыі стогам. // Дзе каза нагой, // Там манаграфіі капой.
Хто на Каляды на філфак завітае, // Той поўныя кішэні шчасця атрымае. // Хто не пашкадуе калядоўшчыкам дароў, // Той цэлы год будзе здароў. // Хто атрымае ад нас віншаванні, // У таго здзейсняцца ўсе мары і жаданні.
Іван Роўда -- наш дэкан -- // Самы ў свеце лепшы. // На філфаку ён як пан, // У асвеце -- першы.
Ён з усмешкаю заўсёды -- // Самы пазітыўны. // І на глебе навуковай -- // Самы ён актыўны.